Перайсці да зместу

Джыбуці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэспубліка Джыбуці
араб. جمهورية جيبوتي‎
фр.: République de Djibouti
Дэвіз: «Unité, Égalité, Paix»
Гімн: «Djibouti»[1]
Дата незалежнасці 27 чэрвеня 1977 (ад Францыі)
Афіцыйныя мовы арабская, французская
Сталіца Джыбуці
Найбуйнейшы горад Джыбуці
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Дзяржаўны лад унітарная прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм’ер-міністр
Ісмаіл Амар Геле
Абдулкадэр Каміль Махамед
Тэрыторыя
 • Агулам 23 200 км² (147-я ў свеце)
Насельніцтва Джыбуці
 • Ацэнка 1 045 438[2] чал.
 • Шчыльнасць 46,0 чал./км²
ВУП
 • разам (2024) ▲ 4 152,15 млн долараў ЗША[3] дол.
 • На душу насельніцтва ▲ 3 552,72 долара ЗША[4] дол.
ІРЧП (2023) ▲ 0,513[5]
Валюта Франк Джыбуці
Інтэрнэт-дамен .dj
Код ISO DJ
Код МАК DJI
Тэлефонны код +253
Часавы пояс +3
Аўтамабільны рух справа[d][6]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Джыбу́ці (араб. جيبوتي‎, фр.: Djibouti), Рэспу́бліка Джыбу́ці (араб. جمهورية جيبوتي‎, фр.: République de Djibouti) — дзяржава на паўночным усходзе Афрыкі на Афрыканскім розе. Яна знаходзіцца каля праліва Баб-эль-Мандэб, дзе сыходзяцца Чырвонае мора і Адэнскі заліў. Джыбуці мяжуе з Эрытрэяй, Эфіопіяй і Самалі. Сталіца і найбуйнейшы горад — Джыбуці.[7]

Плошча краіны складае 23 200 км², насельніцтва — каля 1,1 млн чалавек (ацэнка на 2025 год)[7]. Афіцыйныя мовы — арабская і французская[8]. Паводле даных ААН, індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу Джыбуці за 2023 год — 0,513[9].

Стратэгічнае становішча зрабіла Джыбуці важным транспартным і ваенным вузлом рэгіёна. Порты і лагістычная інфраструктура краіны абслугоўваюць значную частку знешняга гандлю Эфіопіі: праз Джыбуці праходзіць больш за 90 % яе транзіту.[10] Джыбуці таксама стала цэнтрам замежнай вайсковай прысутнасці: у краіне дзейнічаюць вайсковыя аб’екты Францыі, ЗША, Японіі, Італіі і Кітая, а арэнда зямлі пад базы з’яўляецца адной з крыніц дзяржаўных даходаў[10][11].

Да 1977 года тэрыторыя краіны ўваходзіла ў склад французскіх уладанняў (Французскі Самаліленд, пазней — Французская тэрыторыя Афар і Ісас). Незалежнасць ад Францыі была абвешчана 27 чэрвеня 1977 года[7].

Дакаланіяльны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыю сучаснага Джыбуці шмат стагоддзяў засялялі плямёны афараў і ісаў, якія мелі моцныя гандлёвыя сувязі з арабамі. Ад арабаў у краіну пранік іслам, які стаў дзяржаўнай рэлігіяй. З 1285 да 1415 гг. тэрыторыя Джыбуці была часткай мусульманскага дзяржаўнага ўтварэння султанат Іфат.

Каланіяльны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове ХІХ ст. тэрыторыяй, якая прылягае да Адэнскага заліва, зацікавіліся французы. У 1880-я гг. яны стварылі тут свой пратэктарат — Французскі бераг Самалі, якое паступова стала адной з французскіх калоній у Афрыцы.

У 1947 г. калонія атрымала статус заморскай тэрыторыі Францыі, а ў 1956 г. — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 г. 60,6 % насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Французскай Рэспублікі і краіна з чэрвеня 1967 г. стала афіцыйна называцца «Французскія тэрыторыі афараў і іса». У 1970-я ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 г. была створана Афрыканская народная ліга . У эміграцыі дзейнічалі незалежніцкія партыі, у т.л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.

8 мая 1977 г. тэрыторыя атрымала незалежнасць змяніўшы назву на Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Краіну ўзначаліў Хасан Гулед Аптыдон. Прадпрымаліся спробы падтрымання этнічнага балансу паміж іса і афарамі (за першыя два гады незалежнасці тройчы мяняўся склад урада). У сакавіку 1979 г. на базе Афрыканскай народнай лігі за незалежнасць была створана партыя Народны рух за прагрэс на чале з Х. Г. Аптыдонам. Пасля яго пераабрання ў 1981 г. на безальтэрнатыўнай аснове ў краіне ўсталяваўся аўтарытарны аднапартыйны рэжым.

Унутрыпалітычная напружанасць у 1990—1992 гг. выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі (ФААД) і разгарнула антыўрадавае ўзброеннае супраціўленне. У чэрвені 1992 г. Фронт разам з іншымі апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т.л. прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. У 1992 г. на рэферэндуме 98,1 % прагаласавала за Канстытуцыю Джыбуці. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 г. у чарговы раз перамогу атрымаў Х. Г. Аптыдон. У 1994 г. ўзброеныя сутыкненні скончыліся мірнай дамовай. Урад прызнаў ФААД легальнай палітычнай сілай. Умеранае крыло кіраўніцтва ФААД на парламенцкіх выбарах 1997 г. выступіла ў адзінай кааліцыі з кіруючай партыяй «Народны рух за прагрэс». Але радыкальная крыло ФААД працягвала ўзброеннае выступленне да мая 2001 г., калі з імі была таксама падпісана мірная дамова.

У 1999 г. пераемник Х. Г. Аптыдона Ісмаіл Амар Геле, атрымаўшы на прэзідэнцкіх выбарах 74 % галасоў, быў абраны на шасцігадовы тэрмін прэзідэнцтва.

1 жніўня 2017 г. Кітайская народна-вызваленчая армія, для аховы судоў, выратавальных і антыпірацкіх аперацый у Адэнскім заліве і каля ўзбярэжжа Самалі, адкрыла ваенна-марскую базу ў горадзе Абок[12].

Джыбуці — парламенцкая рэспубліка, з моцнай прэзідэнцкай уладай. Кіруецца згодна з канстытуцыяй, прынятай у 1992 годзе. Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на шасцігадовы тэрмін. Выканаўчая ўлада належыць прэм’ер-міністру і ўраду, якія назначаюцца прэзідэнтам. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту, які складаецца з 65 дэпутатаў, выбраных на пяцігадовы тэрмін.

У палітычным жыцці дамінуе прапрэзідэнцкая кааліцыя, якая аб’ядноўвае некалькі партый, у тым ліку People’s Rally for Progress (RPP) і яе саюзнікаў. Існуюць таксама апазіцыйныя партыі і кааліцыі, прадстаўленыя ў палітычным полі краіны.[1]

Адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

Джыбуці падзелена на 5 акругаў і адзін горад прыроўнены да акругі, якія ў сваю чаргу дзеляцца на 15 раёнаў.

Эканоміка Джыбуці ў значнай меры абапіраецца на сферу паслуг і яе геаграфічнае становішча каля праліва Баб-эль-Мандэб — на ўваходзе з Адэнскага заліва ў Чырвонае мора. У сталіцы працуе глыбакаводны порт, які абслугоўвае суднаходства паміж Індыйскім акіянам і Чырвоным морам. Горад Джыбуці таксама з’яўляецца важным транспартным вузлом для сувязі з Эфіопіяй (у тым ліку чыгуначнай).[7]

Паводле Сусветнага банка, у 2023 годзе рост ВУП Джыбуці склаў 6,7 % і перасягнуў прагнозы. Гэта тлумачылі аднаўленнем попыту на партовыя і лагістычныя паслугі (у тым ліку з боку Эфіопіі), а таксама ўстойлівым унутраным попытам, які падтрымлівалі прыватныя інвестыцыі і меры ўрада на фоне росту коштаў[13]. У тым жа паведамленні адзначалася, што парушэнні суднаходства ў Чырвоным моры далі змешаны эфект, але перавалка ў порце Джыбуці ўзмацнілася: у сакавіку 2024 года аб’ём кантэйнерных перавозак, апрацаваных у порце, быў на 39 % большы, чым у лістападзе 2023 года[13].

Міжнародны валютны фонд у матэрыялах па кансультацыях паводле артыкула IV таксама звязваў высокія тэмпы росту з лагістыкай і перавалкай, адзначаючы, што ў 2024 годзе рост перавысіў 6,5 %, а на 2025 год прагназаваўся каля 6 %. У структуры экспарту тавараў пераважаюць рээкспартныя аперацыі (92,6 % экспарту тавараў у 2024 годзе), што адлюстроўвае ролю краіны як рэгіянальнага вузла ў гандлёвых патоках.[14]

Насельніцтва краіны складаецца ў асноўным з двух этнічных груп: ісы (самалійцы) — 60 % і афары — 35 %. Астатнія 5 % гэта нашчадкі еўрапейцаў, у асноўным французаў і італьянцаў. У пачатку 1990-х гадоў паміж афрамі і ісамі ўзніклі ўзброеныя сутыкненні, якія паступова перараслі ў грамадзянскую вайну.

Асноўнай рэлігіяй з’яўляецца іслам (гл. іслам у Джыбуці), хрысціянства распаўсюджана сярод еўрапейцаў (гл. хрысціянства ў Джыбуці). Нягледзячы на тое, што афіцыйнымі мовамі з’яўляюцца французская і арабская, у штодзённым жыцці часта выкарыстоўваецца яшчэ і самалійская і афарская мовы. Акрамя сталіцы гарадское насельніцтва сканцэнтравана ў горадзе Арта.

Беларуска-джыбуційскія адносіны

[правіць | правіць зыходнік]

26 жніўня 2013 года ў Пасольстве Беларусі ў Парыжы адбылося падпісанне Сумеснага камюніке аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Джыбуці. Рэспубліка Джыбуці стала 184-й дзяржавай у спісе краін, з якімі Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны.

  1. 1 2 Djibouti - The World Factbook (англ.). CIA The World Factbook. Праверана 8 студзеня 2026.
  2. ↑ Démographie - INSTAD (фр.). INSTAD. Праверана 8 студзеня 2026.
  3. ↑ GDP (current US$) - Djibouti (англ.). World Bank Data. Праверана 8 студзеня 2026.
  4. ↑ Gross Domestic Product Per Capita for Djibouti (англ.). FRED, Federal Reserve Bank of St. Louis. Праверана 8 студзеня 2026.
  5. ↑ Djibouti (англ.)(недаступная спасылка). UNDP Data Futures Exchange. Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2026. Праверана 8 студзеня 2026.
  6. ↑ http://chartsbin.com/view/edr
  7. 1 2 3 4 Djibouti (англ.). Encyclopaedia Britannica (27 снежня 2025). Праверана 8 студзеня 2026.
  8. ↑ Djibouti 1992 (rev. 2010) Constitution (англ.). Constitute Project. Праверана 8 студзеня 2026.
  9. ↑ Djibouti (англ.)(недаступная спасылка). UNDP Data Futures Exchange. Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2026. Праверана 8 студзеня 2026.
  10. 1 2 China’s Engagement in Djibouti (англ.). Congress.gov. Congressional Research Service. Праверана 8 студзеня 2026.
  11. ↑ Djibouti's sovereign wealth fund aims to double assets in a decade, CEO says. Reuters(англ.). 2025-03-28. Праверана 2026-01-08.
  12. ↑ Китай открыл в Джибути свою первую зарубежную военную базу (руск.). Известия (1 жніўня 2017). Праверана 24 сакавіка 2019.
  13. 1 2 Djibouti’s Economy Shows Strong Growth in 2023 Despite Fiscal Challenges (англ.). World Bank (30 верасня 2024). Праверана 8 студзеня 2026.
  14. ↑ Djibouti: 2025 Article IV Consultation—Press Release; Staff Report; and Statement by the Executive Director for Djibouti (англ.). International Monetary Fund (22 верасня 2025). Праверана 8 студзеня 2026.
  15. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 World Bank Open Data — Сусветны банк.
  16. ↑ перапіс насельніцтва
  17. ↑ World Bank Open Data — Сусветны банк. Праверана 8 красавіка 2019.
  18. ↑ (unspecified title) Праверана 23 лістапада 2024.
  • Джыбу́ці // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 94—95. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Джибу́ти // Большой словарь географических названий (руск.) / Гл. ред. В. М. Котляков. — Екатеринбург: У-Фактория, 2003. — С. 201—202. — 832 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-94799-148-9.
  • Джибу́ти // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 151. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.