Запазычанне
Запазы́чанне — лексічны, марфалагічны, фанетычны і іншы сродак пэўнай мовы, што перайшоў з іншых моў у выніку моўнага ўзаемадзеяння[1].
Запазычанні абумоўлены сацыяльна-эканамічнымі, дзяржаўна-палітычнымі і культурнымі зносінамі паміж народамі. Яны пранікаюць непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва іншых моў вусным (размоўныя кантакты) і пісьмовым (кнігі, афіцыйныя дакументы, перапіска) шляхам. Найбольш актыўна праяўляюцца ў галіне слоўнікавага складу. Запазычынні падпарадкоўваюцца законам фанетыкі, граматыкі, правілам словаўтварэння і семантычнай сістэмы мовы-рэцэптара[1].
Прычыны запазычанняў
[правіць | правіць зыходнік]Прычыны запазычаных слоў могуць быць знешнія (пазамоўныя) і ўласна моўныя.
Знешнія прычыны
[правіць | правіць зыходнік]Да знешніх адносіцца палітычны, гандлёва-эканамічны, прамысловы ўплыў аднаго народа на другі[2].
Уласна моўныя прычыны
[правіць | правіць зыходнік]Уласна моўныя прычыны запазычанняў[2]:
- патрэба ў называнні новых паняццяў, з’яў, прадметаў (лагістыка ад англ.: logistics ‘комплексная сістэма арганізацыі працэсу руху тавару ад вытворцы да пакупніка’; спам ад англ.: spam ‘масавая рассылка рэкламных аб’яў па электроннай пошце’);
- неабходнасць удакладніць, дэталізаваць пэўнае паняцце (саміт ад англ.: summit ‘тып афіцыйнай сустрэчы або нарады кіраўнікоў дзяржаў’; снукер ад англ.: snooker ‘від більярда, у якім выкарыстоўваюцца 15 чырвоных шароў і 6 іншых колераў, якія трэба забіць у лузы більярднага стала ў пэўным парадку’);
- тэндэнцыя ў мове да замены неаднаслоўных, апісальных або складаных найменняў аднаслоўнымі (аўтарскае права — капірайт ад англ.: copyright; велічыня пастаянная — канстанта ад лац.: constan, -ntis ‘нязменны, пастаянны’);
- адсутнасць дакладнага наймення ў роднай мове (віртуальны, дайджэст, інвестар, спічрайтар, спонсар, спрэй і іншыя);
- патрэба ў адпаведным стылістычным эфекце (сек’юрыці замест ахоўнік; бойфрэнд замест хлопец-сябар; прэзент замест падарунак);
- неабходнасць выражэння пазітыўных або негатыўных адценняў (параўнаем: піўная і паб, пракат машын і фірма аўта-рэнтал і іншыя).
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле ступені асіміляцыі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле ступені асіміляцыі падзяляюцца на:
- цалкам асвоеныя — словы, у фанетыка-марфалагічным афармленні і семантыцы якіх не застаецца нічога, што паказвала б на іх іншамоўнае паходжанне: бел. блакітны, булка, дзірван, салата, школа і інш.[1];
- часткова асвоеныя (экзатызмы) — словы і выразы, якія запазычаны з іншых моў, адлюстроўваюць паняцці з жыцця іншых народаў і ўжываюцца з мэтай надаць маўленню своеасаблівы мясцовы каларыт: лаваш, меджліс, пані, франк, хурал, чалма, янычар[2].
Асобны разрад запазычанняў складаюць варварызмы, якія ў адрозненне ад экзатызмаў амаль заўсёды знаходзяцца па-за літаратурнай мовай і не адлюстроўваюцца ў слоўніках. Звычайна варварызмы выкарыстоўваюцца пры апісанні чужаземных звычаяў, побыту, нораваў, для стварэння мясцовага каларыту. Яны могуць надаваць гумарыстычнае, іранічнае, сатырычнае або ўзвышанае гучанне тэксту[2]:
| Дзякую, дзякую, вашэці. Проша са мною клопату не рабіць |
| На Шчары,
Нарачы, На Свіцязі Схаўрусіць хай з салам алей кум. Татары! Множцеся й пладзіцеся, Вы нашыя. Салям алейкум! |
Паводле крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Лексічныя запазычанні бываюць[3]:
- прамыя (непасрэдныя), калі слова прыйшло да нас непасрэдна з мовы-крыніцы (ваенрук, глушыцель — з рускай; здрада, моц — з польскай);
- ускосныя (апасродкаваныя), калі слова пранікла ў мову праз мову-пасрэдніцу (бавоўна — праз польскую з чэшскай, табар — праз венгерскую, польскую з цюркскай).
Паводле паходжання
[правіць | правіць зыходнік]Іншамоўныя словы звычайна захоўваюць характэрныя рысы тых моў, з якіх яны запазычаны, таму іх можна адрозніць ад беларускіх паводле паходжання. У сучаснай беларускай мове прадстаўлены:
- грэцызмы: арыфметыка, афарызм, граматыка, метафара, філасофія[2], гіпотэза, акіян, дэльфін, электрон, тэарэма, палітыка, тэрмас[3];
- лацінізмы: акцыя, ангіна, дырэктар, калега, камедыя[2], абарыген, асіміляцыя, дэфіс, легенда, глобус, экватар, экзамен, лекцыя, сінус[3];
- англіцызмы: біфштэкс, блок, гольф, клуб, лорд, трамвай[2], бокс, футбол, мітынг, бізнес, дызайн, джынсы, джэм, джунглі, супермен, дэфолт, офіс, холдынг, інтэрнэт, слэнг, хот-дог[3];
- германізмы: гандаль, друк, кафля, кошт, фальш, цэнтнер[2], ланцуг, ліхтар, шпіль, штурм, штаб, дах, бутэрброд, паштэт, вага[3];
- галіцызмы: авангард, афіша, балет, вадэвіль, кіно, салон[2], адэкалон, кулон, парасон, вуаль, вернісаж, ваяж, батальён, авеню, альянс[3];
- італьянізмы: аперэта, маэстра, опера, саната, макарона, карнавал[3];
- запазычанні з іспанскай мовы: какава, кавалькада, эмбарга, эстрада[4];
- запазычанні з нідэрландскай мовы: боцман, гавань, матрос, рэйд, трум, шторм, штурман[4];
- цюркізмы: алмаз, аршын, атаман, курган, тавар[2], аркан, таракан, бархан, балык, халва, халат, сарафан, шашлык, парча[3];
- япанізмы: васабі, сушы, дайкон, кімано, самурай, гейша, ікебана, арыгамі, цунамі, хоку, гадзіла[3];
- кітаізмы: чай, жэньшэнь, байхавы[3];
- літуанізмы: венцер, дойлід, клуня, крупеня, твань[2], пуня, мянташка, гірса, ёўня[3];
- стараславянізмы: акаянны, уладыка, чало[2], абраз, благаславенне, вобраз, дзяржава, лік (твар), неба, скрыжалі, улада[3];
- русізмы: ачаг, вопыт, вучоны, упраўленне[2], балалайка, распашонка, балванка, загатоўка, агнямёт, савет, бальшавік, ваенрук, прараб, прафарг[3];
- украінізмы: бандура, боршч, бублік, шкаляр[2], варэнікі, гапак, забабоны, плюгавы, чубаты[3];
- паланізмы: вантробы, дашчэнту, змрок, кавадла, хлопец[2], вяндліна, клёцкі, ксёндз, касцёл, літасць, цнота, апантаны, парэнчы, рахунак, утрапёны, енчыць[3].
Прыметы запазычаных слоў
[правіць | правіць зыходнік]Запазычаныя словы маюць свае прыметы[3]:
- граматычная нязменнасць некаторых слоў: паліто, кашнэ, кіно, метро;
- наяўнасць спалучэнняў зычных дл, тл, шп, шт, хт, кс, пс, мв, мп: вяндліна, тлусты, шпіль, штам, шыхта, лексіка, псіхіка, сімвал, сімптом;
- наяўнасць спалучэнняў бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюджэт, гравюра, кювет, пюрэ, фюзеляж;
- наяўнасць заднеязычных гукаў [γ], [к], [х] перад галоснымі: агент, келіх, схема, Гюго, Хельсінкі;
- наяўнасць спалучэнняў аж, яж, ён, ёр, эт, ус, ум, іс, ос, ас, оз, ёз, ак, ал, ык у канцы слова: віраж, ваяж, медальён, сапёр, сілуэт, косінус, акварыум, тэзіс, хаос, тэрмас, гіпноз, кур’ёз, кішлак, аксакал, шашлык;
- наяўнасць спалучэнняў галосных гукаў паміж зычнымі ў розных частках слова: ідэал, сеанс, дуэт, гуаш, мініяцюра, дыяспара, кансіліум;
- наяўнасць спалучэнняў лье, лья ў сярэдзіне слова: альянс, барэльеф;
- наяўнасць спалучэнняў ант, анп, анс, онс, ент, энт, янт, унак: авантура, аванпост, аванс, анонс, абанемент, інцыдэнт, брыльянт, рахунак;
- наяўнасць канцавых націскных галосных: філе, дражэ, журы, пано, кафэ;
- наяўнасць у слове гука [ф]: фактар, факт, фунт, фізіка;
- наяўнасць спалучэнняў пачатковых галосных аа, ау, аэ: аазіс, аул, аульны, аэрадынаміка;
- наяўнасць этымалагічна пачатковых гукаў [а], [э], [о]: армяк, атам, эра, эпоха, опера;
- наяўнасць спалучэнняў дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дыверсія, тэарэма, тыгр;
- наяўнасць гука [ц] на месцы ўсходнеславянскага [ч]: моц, цуд;
- наяўнасць сінгарманізму галосных гукаў (паўтор аднаго і таго ж галоснага): саранча, барабан, кішміш, урук;
- наяўнасць прыставак архі-, контр-, рэ-, дэ-, дэз-, дыс-: архіепіскап, контратака, рэканструкцыя, дэмабілізацыя, дыслакацыя, дэзынфармацыя;
- наяўнасць суфіксаў -ізм-(-ызм-), -іст-(-ыст-), -ір-(-ыр-), -ізн-(-ызн-) і інш.: сацыялізм, дэмакратызм, анархіст, манціраваць;
- цвёрдасць зычных перад [э]: сэнс, мэбля, пэндзаль;
- наяўнасць спалучэнняў ен (эн), ён (он), ян (ан) на месцы насавых гукаў: енчыць, парэнчы, ксёндз, наконт, паляндвіца, апантаны і інш.
Асваенне лексічных запазычанняў
[правіць | правіць зыходнік]Пры лексічным запазычванні адбываецца не механічны пераход слова з адной мовы ў другую, а, па сутнасці, узнікненне новага слова на аснове чужога матэрыялу ў выніку яго графічнага, фанетычнага, граматычнага і семантычнага асваення.
Графічнае асваенне
[правіць | правіць зыходнік]Графічнае асваенне іншамоўнага слова прадугледжвае перадачу запазычанага слова сродкамі беларускай графікі: руск.: щёлочь — бел.: шчолач, польск.: moc — бел.: моц[3].
Фанетычнае асваенне
[правіць | правіць зыходнік]Фанетычнае асваенне іншамоўнага слова прадугледжвае асваенне гукавога складу слова згодна з нормамі беларускай фанетыкі: руск.: декабрист — бел.: дзекабрыст, польск.: kochać — бел.: кахаць[3].
Граматычнае асваенне
[правіць | правіць зыходнік]Граматычнае асваенне іншамоўнага слова прадугледжвае адаптацыю запазычанага слова да граматычнай сістэмы беларускай мовы: ням.: das Dach (ніякі род) — бел.: дах (мужчынскі род), англ.: beefsteaks (множны лік) — бел.: біфштэкс (адзіночны лік), лац.: biceps (прыметнік ‘двухгаловы’) — бел.: біцэпс (назоўнік ‘цягліца пляча’), фр.: à jour — бел.: ажур (з’ява лексікалізацыі)[3].
Семантычнае асваенне
[правіць | правіць зыходнік]Семантычнае асваенне іншамоўнага слова прадугледжвае захаванне або змяненне (звужэнне або пашырэнне) значэння слова: польск.: dratwa — бел.: дратва ‘нітка для шыцця абутку’, ням.: der Maler ‘жывапісец’ — бел.: маляр ‘рабочы па афарбоўцы памяшканняў, будынкаў’, ням.: die Börse ‘кашалёк; установа для заключэння фінансавых і камерцыйных дамоў з каштоўнымі паперамі; будынак, дзе размешчана такая ўстанова’ — бел.: біржа ‘ўстанова для заключэння фінансавых і камерцыйных дамоў з каштоўнымі паперамі; будынак, дзе размешчана такая ўстанова’ і інш.[3].
Калькаванне
[правіць | правіць зыходнік]Асаблівым выпадкам запазычанняў з’яўляецца калькаванне — утварэнне новых слоў на базе беларускіх каранёў і афіксаў, але паводле структурных схем, уласцівых іншым мовам (англ.: skyscraper — руск.: небоскрёб — бел.: хмарачос). У сучаснай беларускай літаратурнай мове прадстаўлены калькі са слоў грэчаскай (alphobetos — азбука; biographia — жыццеапісанне; orthographia — правапіс), лацінскай (agricultura — земляробства, declinatio — схільнасць; hidrogenium — вадарод), французскай (circonstance — абставіны; impression — уражанне; journal — дзённік), нямецкай (augenscheinlich — відавочны; aussehen — выглядаць; Einheit — адзінства), рускай (воспитатель — выхавацель; единоличник — аднаасобнік; противоположный — процілеглы) і іншых моў. Калькавацца могуць не толькі асобныя словы, але і цэлыя выразы (англ.: public relations — сувязі з грамадскасцю, англ.: root segment — каранёвы каталог і інш.)[2].
Інтэрнацыяналізмы
[правіць | правіць зыходнік]Інтэрнацыяналізмы — словы, якія паходзяць з адной першакрыніцы і ўжываюцца ў трох і больш роднасных і няроднасных мовах з аднолькавым або блізкім значэннем (англ.: molecule, ням.: das Molekül, фр.: molécule, бел.: малекула). Такія словы, як правіла, не маюць дакладных адпаведнікаў у нацыянальных мовах. Інтэрнацыяналізмы — гэта пераважна тэрміны з вобласці навукі і тэхнікі (логіка, космас, тэлескоп, геаметрыя), грамадска-палітычнага жыцця (канстытуцыя, рэвалюцыя, дыктатура, адміністрацыя), эканомікі (банк, імпарт, крэдыт, працэнт), літаратуры і мастацтва (анапест, навела, драма, опера) і інш[3].
У беларускай мове
[правіць | правіць зыходнік]У XIV—XVIII стагоддзях у беларускую мову трапілі многія паланізмы (відэлец, маёнтак) і пераважна праз польскае пасрэдніцтва — германізмы (дах, ланцуг) і лацінізмы (градус, апарат). Ад старажытнасці беларускай мове вядомы літуанізмы (клуня, свіран), цюркізмы (аркан, торба), грэцызмы (астраномія, эпіграма), чэшскія (праца, мешчанін), французскія (марш, тарыф), італьянскія (канцэрт, лютня) і іншыя запазычанні[1].
У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў беларускую ў асноўным праз рускую мову. Значную частку слоўнікавага складу беларускай мовы ўтвараюць інтэрнацыяналізмы. У сваю чаргу беларуская мова таксама паўплывала на суседнія: польскую (krynica — крыніца), літоўскую (kroupa — крупы) і інш. У меншай ступені запазычанні характэрны для граматыкі і фанетыкі. Асаблівая інтэнсіфікацыя запазычанняў назіраецца пры двухмоўі[1].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- 1 2 3 4 5 Запазычанні // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 529. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 Запазычанне // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. Ю. Аляксандраў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2013. — Т. 4. — С. 37—38. — 661 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0746-5.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 Беларуская мова: энцыклапедычны даведнік / пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. — Мн.: Беларусь, 2022. — С. 118—120. — 495 с. — ISBN 978-985-01-1558-4.
- 1 2 Запазычанні // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 215—217. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.