Перайсці да зместу

Прымаўка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пры́маўка — жанр народнай паэтычнай творчасці, кароткі афарыстычны выраз, у якім вобразна з эмацыянальнай афарбоўкай вызначаецца пэўная жыццёвая з’ява.

Прымаўкі з’яўляюцца адной з крыніц ўтварэння фразеалагізмаў[1].

Адрозненне ад прыказак

[правіць | правіць зыходнік]

У адрозненне ад прыказкі, прымаўка часцей за ўсё не з’яўляецца самастойным суджэннем і залежыць ад кантэксту. У прымаўцы няма яўна выражанага абагульнення і павучальнага сэнсу.

Прымаўка выкарыстоўваецца толькі ў канкрэтных выпадках, каб падкрэсліць пэўную рысу чалавека, яго ўчынак, раскрыць сутнасць грамадскай або прыроднай з’явы. Прыказка можа пераходзіць у прымаўку, калі яна губляе абагульненне, адрасуецца канкрэтнаму чалавеку ў якасці яго характарыстыкі. Напрыклад, слоўны выраз «Зяць любіць узяць» выступае як прыказка, таму што пашыраецца на ўсе аналагічныя з’явы, а «Наш зяць любіць узяць» — гэта прымаўка, якая абмяжоўваецца толькі гэтай канкрэтнай з’явай[2].

Прымаўцы больш уласцівы сатыра, гумар, тэматычная канкрэтнасць.

Па структуры бываюць адначленныя і двухчленныя.

Адначленныя прымаўкі:

  • старасць не радасць,
  • старога мяшка не залатаеш,
  • як кот наплакаў,
  • віламі па вадзе пісана,
  • чорным па белым,
  • не з тваім ротам мышэй лавіць (пра няўмеку),
  • пальца ў рот не кладзі (пра кемлівага).

Двухчленныя прымаўкі:

  • Шумеў бы і я, каб жонкі не баяўся.
  • На языку мядок, а на сэрцы лядок (пра двудушнага),
  • Ні млеў, ні пацеў, а рот разявіў (пра гультая).

Многія прымаўкі перадаюць розныя прыкметы, парады, правілы этыкету: Снег на куццю — грыбы на лета; Посуд б’ецца на шчасце; У гасцях за яду апошні прымайся, а першы пераставай[2].

Шматлікія прымаўкі крытыкуюць людскія заганы. Часам гэта крытыка мае з’едлівы характар, напрыклад, пра гультайства дзяўчыны: Але ж і старанная! Як сваты едуць, то веніка шукае хату падмесці![2]

Зноскі

  1. ↑ Поговорка(недаступная спасылка) // Российский гуманитарный энциклопедический словарь (руск.)
  2. 1 2 3 Прымаўка // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — Т. 6. — С. 229—230. — 486 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0889-9.