Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага
| Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага | |
|---|---|
|
|
|
| Арыгінальная назва | ням.: Internationaler Karlspreis zu Aachen |
| Краіна |
|
| Тып | Прэмія |
| Каму ўручаецца | Асобам і арганізацыям |
| Кім уручаецца | Таварыства па прысуджэнні Міжнароднай прэміі Карла Вялікага |
| Падставы ўзнагароджання | За выдатны ўклад у аб'яднанне Еўропы |
| Аўтар праекта | Курт Пфайфер |
| Дата заснавання | 1950 |
| Статус | Уручаецца |
| Першае | 1950 |
| Апошняе | 2026 |
| Сайт | karlspreis.de/en/ |

Міжнаро́дная прэ́мія імя́ Ка́рла Вялі́кага (ням.: Internationaler Karlspreis zu Aachen, да 1988 года — Internationaler Karlspreis der Stadt Aachen, англ.: Charlemagne Prize, фр.: Prix Charlemagne) — прэстыжная еўрапейская ўзнагарода, якая прысуджаецца за выдатны ўклад у аб’яднанне Еўропы. Прэмія ўручаецца штогод з 1950 года германскім горадам Ахен. Узнагарода названа ў гонар Карла Вялікага, заснавальніка Франкскай імперыі і фактычнага стваральніка Свяшчэннай Рымскай імперыі, які кіраваў дзяржавай са сваёй рэзідэнцыі ў Ахене і ўпершыню пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі аб’яднаў Заходнюю Еўропу[1].
Традыцыйна цырымонія ўручэння адбываецца ў свята Ушэсця Гасподняга ў Каранацыйнай зале Ахенскай ратушы. Патронамі фонду прэміі з’яўляюцца кароль Бельгіі Філіп, кароль Іспаніі Філіп VI і Вялікі герцаг Люксембурга Анры[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Заснаванне прэміі было ініцыявана 19 снежня 1949 года, калі Курт Пфайфер прадставіў на пасяджэнні заснаванай ім чытацкай групы «Corona Legentium Aquensis» свае прапановы. Ён адзначыў[1]:
| Мы маем гонар прапанаваць штогадовае ўручэнне міжнароднай прэміі за найкаштоўнейшы ўклад у развіццё заходнееўрапейскага паразумення і працы на карысць грамадства, а таксама на карысць чалавецтва і міру ва ўсім свеце. Гэты ўклад можа быць у сферы літаратурнай, навуковай, эканамічнай ці палітычнай дзейнасці. |
Спонсары прэміі і прадстаўнікі горада Ахена называюць Карла Вялікага заснавальнікам заходняй культуры і падкрэсліваюць, што ў часы яго кіравання горад быў духоўным і палітычным цэнтрам усёй цяперашняй Заходняй Еўропы. Першая прэмія Карла Вялікага была прысуджана Рыхарду Кудэнговэ-Калергі, заснавальніку Пан'еўрапейскага саюза[1].
Пасля ўручэння ўзнагароды італьянскаму прэм'ер-міністру Альчыдэ дэ Гасперы ў 1952 годзе Міжнародная прэмія Карла Вялікага неаднаразова накіроўвала пасланні, якія выходзілі далёка за межы Германіі і спрыялі ідэі еўрапейскага адзінства. Спіс лаўрэатаў прэміі фактычна адлюстроўвае гісторыю працэсу еўрапейскай інтэграцыі. Яе атрымлівалі як бацькі-заснавальнікі аб’яднанай Еўропы, такія як Рабер Шуман, Жан Манэ і Конрад Адэнаўэр, так і тыя, хто ўвасабляў надзею на далейшую інтэграцыю[1].
Спонсары падкрэсліваюць, што прэмія з’яўляецца не толькі выразам удзячнасці за шматгадовыя заслугі ў імя адзінства Еўропы, але і заахвочваннем, якое скіравана ў будучыню. Яны цытуюць Курта Пфайфера[1]:
| Прэмія Карла Вялікага скіравана ў будучыню, і ў той жа час яна ўвасабляе сабой абавязак — абавязак найвышэйшай этычнай каштоўнасці. Яна накіравана на добраахвотнае аб'яднанне еўрапейскіх народаў без усялякага прымусу, каб у сваёй новай сіле яны маглі абараняць найвышэйшыя зямныя даброты — свабоду, чалавечнасць і мір — і гарантаваць будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. |
У красавіку 2008 года арганізатары прэміі сумесна з Еўрапейскім парламентам заснавалі новую Еўрапейскую маладзёжную прэмію Карла Вялікага. Гэтая ўзнагарода адзначае ўклад маладых людзей у працэс еўрапейскай інтэграцыі[2]. З 2019 года Акадэмія прэміі Карла Вялікага таксама штогод выдзяляе стыпендыі для падтрымкі даследчыкаў, якія працуюць над пытаннямі, звязанымі з будучай інтэграцыяй Еўропы[3].
Характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Лаўрэаты прэміі ўзнагароджваюцца спецыяльнай граматай, медалём і сімвалічнай грашовай прэміяй у памеры 5 тысяч еўра. На аверсе памятнага медаля адлюстраваны сам імператар Карл Вялікі і старадаўняя пячатка горада Ахена XII стагоддзя, а на рэверсе гравіруецца канкрэтная заслуга лаўрэата перад еўрапейскімі народамі. У якасці ўзнагароджанага «мерапрыемства» ў 2002 годзе гонару была ўдастоена агульнаеўрапейская валюта еўра[1].
Лаўрэаты прэміі
[правіць | правіць зыходнік]| Год | Лаўрэат | Краіна | Абгрунтаванне |
|---|---|---|---|
| 1950 | Рыхард Мікалаус Кудэнговэ-Калергі | За працу ўсяго жыцця па стварэнні Злучаных Штатаў Еўропы. | |
| 1951 | Хендрык Бругманс | За нястомную працу на карысць еўрапейскага аб’яднання. | |
| 1952 | Альчыдэ дэ Гасперы | За пастаяннае спрыянне еўрапейскаму аб’яднанню. | |
| 1953 | Жан Манэ | За стваральны ўклад у справу еўрапейскага аб’яднання. | |
| 1954 | Конрад Адэнаўэр | За мэтанакіраванае планаванне і практычнае стварэнне асноў еўрапейскага аб’яднання. | |
| 1955 | Уінстан Чэрчыль | За заслугі ў абароне найвышэйшага чалавечага дабра — свабоды. | |
| 1956 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1957 | Поль-Анры Спаак | За выдатныя заслугі ў федэральным аб’яднанні еўрапейскіх дзяржаў. | |
| 1958 | Рабер Шуман | За вялікія дасягненні ў стварэнні першых практычных асноў еўрапейскай федэрацыі. | |
| 1959 | Джордж Маршал | За выдатныя заслугі ў эканамічным аднаўленні Еўропы праз план Маршала. | |
| 1960 | Жазеф Беш | За працу ўсяго жыцця і вялікія заслугі ў аб’яднанні Еўропы. | |
| 1961 | Вальтэр Хальштайн | За нястомную, мэтанакіраваную працу для Еўрапейскай Федэрацыі. | |
| 1962 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1963 | Эдвард Хіт | За нястомныя намаганні па інтэграцыі Вялікабрытаніі ў рух аб’яднання. | |
| 1964 | Антоніа Сеньі | За працу жыцця на карысць саюза народаў Еўропы ў палітычнай супольнасці. | |
| 1965 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1966 | Енс Ота Краг | За рашучую пазіцыю і мэтанакіраваную палітыку еўрапейскага супрацоўніцтва. | |
| 1967 | Іозеф Лунс | За нястомную і непахісную прыхільнасць аб’яднанню ўсіх свабодных народаў Еўропы. | |
| 1968 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1969 | Еўрапейская камісія | За вялікія заслугі ў еўрапейскім аб’яднанні. | |
| 1970 | Франсуа Сейду Форнье дэ Клазон | За глыбокае веданне раманскага і германскага інтэлектуальнага жыцця. | |
| 1971 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1972 | Рой Джэнкінс | За рашучую абарону членства Вялікабрытаніі ў Еўрапейскай супольнасці. | |
| 1973 | Сальвадор дэ Мадарыяга | За жыццё і працу, мужную крытыку і перспектыўныя ідэі. | |
| 1974 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1975 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1976 | Леа Тындэманс | За непахісную прыхільнасць адзінству Еўропы. | |
| 1977 | Вальтэр Шэель | За заслугі ў прасоўванні адказнага супрацоўніцтва Федэратыўнай Рэспублікі Германія. | |
| 1978 | Канстантынас Караманліс | За нястомныя намаганні па інтэграцыі сваёй краіны ў Еўрапейскую супольнасць. | |
| 1979 | Эміліа Каломба | За працу ўсяго жыцця, прысвечаную еўрапейскай інтэграцыі. | |
| 1980 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1981 | Сімона Вейль | За працу па аб’яднанні Еўропы і рашучую абарону дэмакратыі. | |
| 1982 | Хуан Карлас I | За рашучую працу на карысць Еўропы, аб’яднанай з Іспаніяй. | |
| 1983 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1984 | Карл Картэнс | За нястомныя намаганні па садзейнічанні палітычнаму, эканамічнаму і культурнаму аб’яднанню. | |
| 1985 | Прэмія не прысуджалася | ||
| 1986 | Народ Люксембурга | За прыкладную і непахісную прыхільнасць аб’яднанню народаў Еўропы. | |
| 1987 | Генры Кісінджэр | За паспяховыя намаганні на карысць міру і паразумення. | |
| 1988 | Франсуа Мітэран і Гельмут Коль | За іх пастаянныя і паспяховыя намаганні па дасягненні трывалага сяброўства паміж іх краінамі. | |
| 1989 | Брат Ражэ | За яго прыклад даверу, прымірэння і супольнасці. | |
| 1990 | Дзьюла Хорн | За заслугі ў праяўленні салідарнасці паміж народамі Еўропы на Усходзе і Захадзе. | |
| 1991 | Вацлаў Гавел | За адданасць духу свабоды і ўмацаванне міру ў сваёй краіне і ва ўсёй Еўропе. | |
| 1992 | Жак Дэлор | За нястомныя і рашучыя намаганні, накіраваныя на палітычнае і эканамічнае аб’яднанне Еўропы. | |
| 1993 | Феліпэ Гансалес | За непахісную і гарачую прыхільнасць еўрапейскаму аб’яднанню. | |
| 1994 | Гру Харлем Брунтлан | За еўрапейскую прыхільнасць і намаганні ва ўсім свеце за сацыяльную справядлівасць. | |
| 1995 | Франц Ураніцкі | За шматгадовую непахісную прыхільнасць умацаванню Еўропы. | |
| 1996 | Беатрыкс | За асабісты ўклад у пераадоленне рознагалоссяў і ўмацаванне супольнасці. | |
| 1997 | Раман Герцаг | За нястомныя намаганні па садзейнічанні паразуменню і міру ў Еўропе. | |
| 1998 | Браніслаў Герэмек | За мужную і бясстрашную прыхільнасць да адзінства Еўропы. | |
| 1999 | Тоні Блэр | За асабістую прыхільнасць міру ў Паўночнай Ірландыі і прыхільнасць Вялікабрытаніі Еўрапейскаму Саюзу. | |
| 2000 | Біл Клінтан | За партнёрства і супрацоўніцтва з еўрапейскімі дзяржавамі ў пашырэнні і паглыбленні саюза. | |
| 2001 | Дзьёрдзь Конрад | За выдатныя дасягненні як еўрапейскага гуманіста і грамадзяніна свету. | |
| 2002 | Валюта Еўра | За прасоўванне аб’яднанай Еўропы ў палітычным, эканамічным і духоўна-культурным плане. | |
| 2003 | Валеры Жыскар д’Эстэн | За працу ўсяго жыцця і гістарычную задачу па распрацоўцы канстытуцыі для Аб’яднанай Еўропы. | |
| 2004 | Пэт Кокс | За выдатныя асабістыя дасягненні ў пашырэнні і дэмакратызацыі Саюза. | |
| Ян Павел II (Надзвычайная прэмія) | У знак прызнання яго працы ў імя адзінства Еўропы. | ||
| 2005 | Карла Адзеліа Чампі | За дасягненні ўсяго жыцця ў справе еўрапейскай інтэграцыі. | |
| 2006 | Жан-Клод Юнкер | За прыкладную працу на карысць сацыяльнай і аб’яднанай Еўропы. | |
| 2007 | Хаўер Салана | За прыкладную працу на карысць міру ў Еўропе і міру ва ўсім свеце. | |
| 2008 | Ангела Меркель | За выдатныя асабістыя дасягненні ў аб’яднанні Еўрапейскага Саюза. | |
| 2009 | Андрэа Рыкардзі | За прыхільнасць больш мірнаму і справядліваму свету. | |
| 2010 | Дональд Туск | За прыкладную прыхільнасць паразуменню, партнёрству і прагрэсу ў працэсе еўрапейскага аб’яднання. | |
| 2011 | Жан-Клод Трышэ | За выдатныя заслугі ў Валютным саюзе і стабільнасці еўра. | |
| 2012 | Вольфганг Шойбле | За значныя дасягненні ў пераадоленні падзелу і ўмацаванні Еўропы. | |
| 2013 | Даля Грыбаўскайтэ | За значныя заслугі перад Еўрапейскім Саюзам і інтэграцыйнае развіццё рэгіёна Балтыйскага мора. | |
| 2014 | Херман Ван Рампёй | За значныя дасягненні як пасярэдніка і рухаючай сілы еўрапейскага аб’яднання. | |
| 2015 | Марцін Шульц | За значны ўклад ва ўмацаванне ролі Парламента і дэмакратычнай легітымнасці ЕС. | |
| 2016 | Францыск | За выдатную прыхільнасць міру, паразуменню і міласэрнасці ў еўрапейскім грамадстве. | |
| 2017 | Тымаці Гартан Эш | За выдатную працу па фарміраванні бачання аб’яднанай, свабоднай Еўропы. | |
| 2018 | Эманюэль Макрон | За натхняльнае бачанне перазаснавання еўрапейскага праекта і гарачую барацьбу супраць нацыяналізму. | |
| 2019 | Антоніу Гутэрыш | За выдатную прыхільнасць актывізацыі і ўмацаванню шматбаковага супрацоўніцтва. | |
| 2020/2021 | Клаус Яханіс | За выдатныя заслугі як барацьбіта за еўрапейскую свабоду, дэмакратыю і вяршэнства права. | |
| 2022 | Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала | За прыкладную прыхільнасць свабодзе, дэмакратыі, вяршэнству права і абароне правоў чалавека ў Еўропе. | |
| 2023 | Уладзімір Зяленскі і ўкраінскі народ | За мужную барацьбу за свабоду, самавызначэнне, дэмакратыю і абарону еўрапейскіх каштоўнасцей. | |
| 2024 | Пінхас Гольдшміт і яўрэйскія абшчыны ў Еўропе | Як сігнал супраць антысемітызму, гвалту і нянавісці, за талерантнасць, дыялог і паразуменне. | |
| 2025 | Урсула фон дэр Ляен | За выдатную прыхільнасць еўрапейскаму адзінству, бяспецы і канкурэнтаздольнасці. | |
| 2026 | Марыа Драгі | За гістарычныя заслугі ў еўрапейскім аб’яднанні[4]. | |
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 The International Charlemagne Prize of Aachen (англ.). Stiftung Internationaler Karlspreis zu Aachen. Праверана 26 красавіка 2026.
- ↑ European Charlemagne Youth Prize (англ.). Еўрапейскі парламент. Праверана 26 красавіка 2026.
- ↑ Über den ECYP – Der Internationale Karlspreis zu Aachen (ням.). www.karlspreis.de. Праверана 26 красавіка 2026.
- ↑ Karlspreis für Mario Draghi: "Den Euro gerettet" (ням.). Deutsche Welle (17 студзеня 2026). Праверана 26 красавіка 2026.